Пандэмія ініцыятыве не перашкода

13-14 студзеня ў раённай бібліятэцы ў рамках рэалізацыі праекта Еўрапейскага Саюза “Стварэнне Цэнтра падтрымкі і прасоўвання прадпрымальніцтва і інавацый ў Глыбоцкім раёне, Віцебскай вобласці, Беларусь” прайшоў другі анлайн-семінар на тэму “Развіццё індывідуальнага прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскіх тэрыторыях у неспрыяльных эпідэміялагічных умовах”.

–  Праект разлічаны нв  2019 — 2021 гады, фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ў рамках ініцыятывы ”Мэры за эканамічны рост”.  Задачы Цэнтра : юрыдычная, кансультацыйная, інфармацыйная і медыйная падтрымка і прасоўванне мясцовых ініцыятыў малога і сярэдняга бізнесу ў Глыбоцкім раёне, развіццё прававых і эканамічных ведаў, асноўных прадпрымальніцкіх навыкаў, стымуляванне самастойнай занятасці і стварэнне новых рабочых месцаў. Для гэтага ў структуры створанага Цэнтра працуюць офіс службы  падтрымкі стартапаў (новых фінансавых праектаў, разлічаных на атрыманне прыбыткаў – аўт.), офіс па садзейнічанні і развіцці малога і сярэдняга бізнесу, школа бізнесу, прадпрымальніцтва і інавацый.  Супрацоўнікі Цэнтра аказваюць мэтавую дапамогу пачынаючым прадпрымальнікам, даюць ім магчымасць рэалізаваць цікавыя ініцыятывы, увасобіць у рэальнасць  крэатыўныя ідэі.  Цэнтр прадстаўляе ім стартавыя магчымасці ў развіцці бізнесу, а таксама садзейнічае ў прасоўванні прадукцыі на рынак.

 Створана інтэрнэт-платформа для прадстаўлення паслуг мэтавай  аудыторыі і для  зваротнай сувязі. Як расказаў  адміністратар праекта Міхаіл Арэхаў, у Цэнтра ёсць свой сайт, дзе супрацоўнікі размяшчаюць  інфамацыю для прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу:  пра працу і паслугі Цэнтра, навіны ў галіне бізнесу, прававыя акты, расказваюць  пра глыбоцкіх прадпрымальнікаў, рэкламуюць іх паслугі і прадукцыю, у фотагалерэі змяшчаюць фотаздымкі, інфармуюць аб навучальных курсах і  выкладчыках Школы бізнесу, змяшчаюць артыкулы аб гісторыі поспеху бізнесменаў і г.д.

          У  рамках праекта  ў  чытальнай зале раённай бібліятэкі  абсталяваны камп’ютарны клас для  навучання інтэрнэт-граматнасці і  правядзення анлайн-семінараў і канферэнцый для розных мэтавых груп. Акрамя гэтага, у кожным сельвыканкаме абсталяваны інфармацыйны пакой, дзе жадаючыя заняцца прыватнай справай вяскоўцы могуць атрымаць патрэбную кансультатыўную дапамогу, набыць неабходныя веды ў  школе бізнесу, прадпрымальніцтва і інавацый, стаць удзельнікамі анлайн –  семінараў.  Ва ўмовах пандэміі дыстанцыйныя дыялогі дазваляюць  актыўна працаваць па вызначанай праграме і пры гэтым мінімізіраваць рызыку захворвання людзей.

          Для правядзення семінара Глыбокае наведалі генеральны  каардынатар Праекта Юлія Салахава,  члены рабочай групы Вадзім Анціпаў, Дзяніс Бярозка, дацэнт кафедры карпарытаўных фінансаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Святлана  Касцюкова,  старшы выкладчык кафедры грамадзянскага права і грамадзянскага працэса Віцебскага дзяржуніверсітэта (ВДУ) Наталля Маркіна, загадчыца вучэбнай лабараторыі прававога інфармавання ВДУ Кацярына Рабіцкая.  Мэта іх прыезду – правядзенне дыстанцыйных лекцыйных заняткаў, знаёмства з навучэнцамі Школы бізнесу, правядзенне для іх індывідуальных кансультацый, адказы на вострыя  надзённыя пытанні, а таксама  кансультаванне  па актуальных пытаннях прадпрымальніцтва супрацоўнікаў Цэнтра.

Падчас студзеньскага семінара Святлана Касцюкова гаварыла  аб лічбавай эканоміцы, электронным бізнесе  і яго ролі ў інфармацыйным грамадстве, мадэлях электроннай камерцыі, аб самых папулярных у свеце інтэрнет-магазінах, для якіх пандэмія стала часам неабмежаваных магчымасцяў і прынесла іх гаспадарам  маштабныя прыбыткі.

– Лічбавыя тэхналогіі задзейнічаны ў сістэме ўпраўлення, навуковай, адукацыйнай, сацыяльнай, гандлёвай, камунальнай, культурнай і сферах аховы здароўя. Сёння нікога не здзівіш работай электроннага ўрада,  дыстанцыйнымі формамі навучання,  электронным запісам на прыём да ўрача і выпіскай электронных рэцэптаў,  браніраваннем  білетаў праз Інтэрнет, аплату праз сістэму Ерып, электронным гандлем і рэкламай, віртуальнымі турамі і экскурсіямі па свету і, вядома ж, электронным бізнесам. Яркім прыкладам з’яўляецца Е-дастаўка, арганізаваная  магазінамі сеткі “Еўраопт”, якая ў пандэмію стала самай запатрабаванай  і папулярнай у Беларусі, — гаварыла Святлана Мікалаеўна. – На сёння электронная школа ў краіне ахоплітвае 59% устаноў адукацыі, якія наладзілі дыстанцыйнае навучанне. Выпіска электронных рэцэптаў  наладжана ў 95,3% устаноў аховы здароўя Беларусі. Калі гаварыць аб інтэрнет-прагрэсе, то ў 2011 годзе стацыянарны шырокапалосны доступ у Інтэрнет у краіне мелі  22 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва, у  2019  –  34,  бесправадным Інтэрнетам у 2011 годзе карысталіся 19 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, у 2019 ужо  90.  Толькі 38% дамашніх гаспадарак   у 2011 годзе мелі доступ да Інтэрнету, у 2019 – яго ўжо атрымалі 80% жыхароў краіны. У 2016 годзе электронныя паслугі атрымлівалі 14 чалавек на 100 тысяч насельніцтва, у 2019 – ужо 55.

Кацярына Рабіцкая узняла актуальныя пытанні прымянення працоўнага заканадаўства ва ўмовах пандэміі, а Наталля Маркіна  расказала аб юрыдычных аспектах рэгістрацыі сялянска-фермерскіх гаспадарак, як суб’ектаў прадпрымальніцтва.

Пасля анлайн-семінара  яго  актыўныя ўдзельнікі – выкладчыкі сталічных і абласных ВНУ –   пазнаёміліся з  патэнцыялам Глыбоччыны.

Галіна СУТУЛА.

На здымках:  выкладчыкі БДУ і ВДУ  працуюць у  камп’ютарным класе; анлайн-семінар вядзе Святлана  Касцюкова.   

 Фота аўтара.

Газета «Веснік Глыбоччыны» № 6 (10078) ад 23.01.2021

Подписаться на новости